ВІКТАР ПЕТРУШКЕВІЧ: "НАВУКОЎЦАЎ ПАТРЭБНА ПАДТРЫМЛІВАЦЬ І МАТЭРЫЯЛЬНА, І СЛОВАМ, І СПРАВАЙ"

  • 2025-02-05 15:31:56

           Сусветны трэнд: колькасць працуючых у сельскай гаспадарцы скарачаецца праз высокапрадукцыйную тэхніку. Але сучасная галіна трымаецца не на машынах, як падаецца на першы погляд, а па-ранейшаму на людзях. Гэта пастаянна патрабуе навацый. Таму штогод адны спецыялісты павінны іх вынаходзіць і прапаноўваць, а другія – укараняць у рэальным сектары эканомікі. Пры гэтым аграрным прадпрыемствам і навуковым арганізацыям няпроста канкурыраваць за інтылектуальныя кадры з больш прывабнымі фірмамі.

Старшыня ВД СВК “Путрышкі”, кандыдат эканамічных навук Віктар Петрушкевіч з асабістага вопыту зрабіў выснову: кожны навуковец ці аграрый прагрэсіўных поглядаў калісьці быў звычайным абітурыентам, які паслухаў сваё сэрца і асэнсавана абраў будучую прафессію. Няхай са знакамітых спецыялістаў выдатнікамі ў школе былі далёка не ўсе, у сваю альма-матэр ранкам ім шчыра хацелася ісьці.

– Для таго, каб студэнт добра вучыўся і потым гэтак жа працаваў на вытворчасці або займаўся навуковай дзейнасцю, ён мусіць мець цікавасць да сельскай гаспадаркі яшчэ да таго, як падаў дакументы ў профільную ВНУ, – падкрэсліў Віктар Іванавіч. – Напрыклад, на пачатак 80-х гадоў была звыклай такая карціна: са 100 залічаных на аграфакультэт чвэрць – хлопцы пасля тэрміновай армейскай службы, з іх каля 15 прайшлі “давузаўскую” падрыхтоўку; не меньшая колькасць больш старэйшай моладзі. Тады студэнты былі вельмі заматываваныя. Цяпер жа падлеткі часта ідуць паступаць, увогуле не ўяўляючы сабе працу і стыль жыцця аграрыя (некаторыя банальна не прайшлі па конкурсу ў іншыя ўстановы). Насамрэч, напружаны “калгасны” рытм іх не задавальняе, асабліва пасля расказаў ужо размеркаваных на адпрацоўку таварышаў. У бездакорна падрыхтаваных, здатных і натхнёных дзяўчат і хлопцаў таксама можа адбывацца расчараванне ў прафесіі – калі кіраўнік прадпрыемства кепска ставіцца да маладога спецыяліста. Дарэчы, па выніках даследаванняў асноўных прычын, чаму моладзь мяняе працоўную сферу, на першым месцы ні сціплы заробак, ні жыллёвыя цяжкасці, а грубасць начальніка ці каллег.

І ўсё ж матэрыяльнае пытанне мае велізарны ўплыў, лічыць Віктар Петрушкевіч. Калі перадавыя кадры не атрымліваюць і двух тысяч рублёў, то яны будуць больш клапаціцца, як пракарміць сям’ю і закрыць бытавыя пытанні, а не бясконца чытаць спецыяльную літаратуру і выданні, абмяркоўваць ідэі і думаць аб працы ў вольны час.

– Калі мне было 27 гадоў, памятаю, я, намеснік старшыні калгаса, атрымліваў каля 360 рублёў, а мая жонка, школьны завуч – 120. Таму, зразумела, працаваць у сельскай гаспадарцы было больш прэстыжна, чым цяпер, – расказаў Віктар Іванавіч. – Але ж у нашым кааператыве сёння грэх скардзіцца: сярэдні заробак пад 2,5 тысячы рублёў, каллектыў укамплектаваны. Толькі ўсёй нашай галіне трэба думаць на будучыню, каб адбылася нармальная змена пакаленняў. Бо людзей, здольных займацца навацыямі, у грамадстве заўсёды прыкладна аднолькавы адсотак. І сур’ёзная аграрная навука разам з земляробствам і жывёлагадоўляй мусяць канкурыраваць за такія кадры.

У размове са старшынёй ВД СВК “Путрышкі” паднялі і тэму агракласаў. Там школьнікі значна пашыраюць кругагляд і “падцягваюць” хімію з біялогіяй. Адным словам, ініцыятыва добрая, гэта ўклад у моладзь. Шкада, што толькі невялікая частка профільных выпускнікоў мэтанакіравана ідзе ў аграрныя навучальныя ўстановы. Дагэтуль у простага народа ходзіць абразлівая пагаворка, якой страшаць дзяцей: “Калі будзеш дрэнна вучыцца, пойдзеш у калгас”. І гэта негледзячы на тое, што праграмы навучання нават у каледжах не з лёгкіх, навуковая база ў ВНУ моцная, а на паспяховых сельскагаспадарчых прадпрыемствах, шчыра кажучы, не суровыя ўмовы.

Як жа падняць прэстыж галіны? У сваёй дысертацыі Віктар Петрушкевіч выказаў абгрунтаванае навуковае меркаванне, што патрэбна развіваць не толькі дзяржаўны, але і прыватны агарарны сектар. Цяжка не пагадзіцца. Харчовую бяспеку краіны нашы СВК ужо гарантавалі, час за эксперыментамі прадпрымальнікаў. Але… ёсць і важны культурны аспект.

– Калісьці і выкладчык, і школьны настаўнік былі аднымі з самых паважаных людзей. Гэта ўпітвалася з сям’і, бо дзеці бачылі тактоўнае стаўленне бацькоў, – рэзюмаваў Віктар Іванавіч. – Спадзяюся, што хутка і да навукоўцаў будуць адносіцца так, што іх вага ў грамадстве ўзрасце. Але для гэтага трэба іх падтрымліваць і матэрыяльна, і словам, і справай. А наша нацыя, дзякуй Богу, багатая на таленты. Усё ў нас атрымаецца як мае быць!

Материалы использованы из газеты "Перспектива" https://proregion24.by/news/society/viktar-petrushkevich-navuko-tsa-patrebna-padtrymlivats-i-materyyalna-i-slovam-i-spravay/